ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ АНАТО́МІЯ ЖЫВЁЛ,

навука, якая вывучае заканамернасці арганізацыі жывёл розных сістэматычных груп у працэсе эвалюцыі шляхам супастаўлення будовы іх цела і органаў; раздзел параўнальнай марфалогіі жывёл. Выяўляе гамалогію і даследуе філагенет. пераўтварэнні будовы падобных органаў; прасочвае паслядоўнасць дыферэнцыяцыі анат. утварэнняў і будовы анатама-фізіял. сістэм. Падзяляецца на арганалогію (параўнанне арганізацыі органаў у анатама-фізіял. сістэмах), архітэктоніку (вывучэнне плана і прынцыпаў будовы цела) і эвалюцыйную марфалогію (вучэнне пра марфал. заканамернасці эвалюцыі, кірункі развіцця жывёльных арганізмаў, механізмаў іх прыстасаванасці да пераменлівых умоў існавання). Цесна звязана з інш. марфал. дысцыплінамі, эвалюц. вучэннем, заалогіяй, палеазаалогіяй, экалогіяй, сістэматыкай жывёл, генетыкай. Выкарыстоўваецца для абгрунтавання эвалюц. тэорыі і пабудовы натуральнай сістэмы жывёльнага свету.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)